ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт. Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст. н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.

У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.М.Рудэнка.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)